Сялянскае пытанне
на тэрыторыі Беларусі на працягу першай паловы XIX ст. зведала значную эвалюцыю. Беларускіх памешчыкаў зацікавіла «вызваленне сялян» у Остзейскім краі ў 1816-1819 гг., па якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду без зямлі.
Пасля паўстання 1830-1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх саюзнікаў, пастараўся прыцягнуць іх на свой бок. Адным з такіх пачынанняў была рэформа кіравання казённымі маёнткамі і дзяржаўнымі сялянамі. Яна праводзілася міністэрствам дзяржаўных маёмасцей з 1837 г. У адрозненні ад вялікарасійскіх губерняў, рэформа П.Д. Кісялёва на Беларусі складалася з трох частак: рэформы сістэмы кіравання; палітыкі «апякунства» ў адносінах да сялян; шэрагу аграрных мерапрыемстваў, вядомых пад назвай «люстрацыі дзяржаўных маёмасцей». Рэформа пачалася з перабудовы апарату кіравання дзяржаўнай вёскай. У аснову заснавання нiжэйшых ступеняў кiравання была пакладзена «Ўстанаўленне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» (І838 г.). 28 снежня 1839 г. для заходніх губерняў было выдадзена спецыяльнае «Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці».
Рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі садзейнічала істотнаму паляпшэнню становішча дзяржаўных сялян. У выніку рэформы агульная плошча надзельнага фонду павялічылася на 10,7%. Але адначасова за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5%. Перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, занятаку гандлем і промысламі. Рэформа Кісялёва насіла буржуазны характар. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, працэсу першапачатковага накаплення капіталу, вызваліў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, стымуляваў рост гарадоў, з’явіўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнню аграрнага пытання ў Расіі.
3 сакавіка 1840 г. П.Д.
Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. У 1844 г. быў створаны Камітэт заходніх губерняў для выпрацоўкі «Правілаў для кіравання маёнткамі па зацверджаных для гэтага інвентарах». Былі складзены інвентары-апісанні памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй сялянскіх надзелаў і агульнай для ўсіх маёнткаў колькасцю паншчынных дзён.Увядзенне ў дзеянне перагледжаных і зноў складзеных інвентароў пачалося ў Беларусі з 1845 г. Для цяглавай сялянскай гаспадаркі, у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі, у маёнтках устанаўліваліся надзелы памерам ад 4 да 9 дзесяцін. Такая гаспадарка павінна была адпрацаваць на паншчыне 3 дні з канём (мужчынская паншчына) і 1 дзень без каня (жаночая паншчына). Падводная павіннасць павінна была выконвацца за кошт паншчынных дзён. Памешчыкам забаранялася самавольна ўстанаўліваць згонныя дні, а таксама абкладаць сялян «данінай» – натуральнымі паборамі. Аднак памешчыкі сталі на абарону сваёй уласнасці, перашкаджалі перагляду старых і складанню новых інвентароў. Уваходзячы ў склад інвентарных камітэтаў, яны дабіваліся для многіх маёнткаў не толькі захавання былых прыгонніцкіх павіннасцей, але і ў шэрагу выпадкаў іх павелічэння. Асцерагаючыся абвастрэння адносін з мясцовымі памешчыкамі, урад асабліва не падганяў іх. Да 1857 г. перагледжаныя і зноў складзеныя інвентары былі ўведзены ў дзеянне толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. А ў сувязі з падрыхтоўкай сялянскіх рэформ неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.
Рэформы 30-50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармiравання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі празмерна радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала, феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай.
Еще по теме Сялянскае пытанне:
- § 1. Адмена прыгоннага права
- Урадавая палiтыка ў першай палове XIX ст. Спробы вырашэння “польскага пытання”
- Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 1860-1870-х гг.
- Патсдамская канферэнцыя
- Сельская гаспадарка Беларусі на пачатак XX ст. Сталыпінская аграрная рэформа на Беларусі
- § 6. Культура Беларусі на сучасным этапе
- Савецка-германскія дагаворы
- Лекцыя 10. Эканамічнае развіццё Беларускіх земляў у другой палове XIX стагоддзя. Адмена прыгоннага права, асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860-1870 гг. на Беларусі
- § 1. Фарміраванне беларускай нацыі
- Развіцце сельскай гаспадаркі Беларусі на аснове НЭПа
- Сялянская гаспадарка
- Лекцыя 8. Уваходжанне Беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. Палітычная і эканамічная гісторыя першай паловы XIX ст. Вайна 1812 года на Беларусі
- § 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы
- Ваенная рэформа ў СССР
- Паўстанне 1830 - 1831 гг.