Архітэктура і будаўніцтва
Галоўныя матэрыялы, што выкарыстоўваліся ў будаўніцтве ў тыя часы – дрэва. Гэты матэрыял не спрыяў захаванню пабудоў. Таму мы больш ведаем пра мураваныя збудаванні, якіх будавалі нешмат, але якія лепей захаваліся.
У XIV – пачатку XVI стст. асноўны тып манументальных мураваных пабудоў – гэта замак. Менавіта ў XIV ст. з’явіліся цалкам мураваныя замкі-кастэлі, квадратныя ў плане з башняй-данжонам (Крэва, Ліда, Трокі, Меднікі).У першай палове XVI ст. сфарміраваўся самабытны 4-х вежавы тып праваслаўнага храма з абарончай функцыяй (Мураванкаўская, Сынкавіцкая, Супрасльская цэрквы-крэпасці, Мікалаеўскі сабор у Брэсце). Іх стыль вызначаецца як “беларуская готыка”. Актыўна будаваліся каталіцкія гатычныя храмы – з аднанефавымі, аднаапсіднымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі (касцёлы ў Ішкальдзі, Іўі). З рэфармацыяй з’явіліся новыя культавыя пабудовы – зборы, якія спалучалі гатычныя рысы ў форме пабудовы і рэнесансавы ордэрны дэкор (зборы ў Койданаве, Заслаўі, Замосці, Новым Свержані).
Езуіты прынеслі на Беларусь новы архітэктурны стыль – барока. Першы ўзор архітэктуры барокка на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – гэта Нясвіжскі езуіцкі касцёл, які ў 1587-1593 гг. будаваў выдатны архітэктар Джаванні Бернардоні. Для барока характэрны пабудовы ў форме базілікі з плоскім фасадам. Пабудовы вызначаліся плаўнасцю ліній і багатым знешнім і ўнутраным дэкорам.
Са змяненнем стыляў у будаўніцтве і ўвядзеннем новых прынцыпаў фартыфікацыі прыватныя замкі пачалі трансфармавацца ў палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гродна, Гальшаны). Акрамя іх будаваліся палацы з кампактнай цэнтральна-восевай планіроўкай без унутранага двара (дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак).
З пашырэннем магдэбурскага права ў гарадах узнікла грамадзянская архітэктура – ратушы, дзе месціліся органы самакіравання (Нясвіж, другая палова XVI ст.).
У межах ВкЛ развіваліся ўсе віды выяўленчага мастацтва.
На жаль, прыкладаў манументальнага мастацтва (роспісы храмаў) не захавалася, аб высокай ступені яе развіцця гавараць пісьмовыя крыніцы.Раннія творы іканапісу ў XIV-XV стст. мелі вялікі ўплыў візантыйскіх узораў. Асноўныя прыкметы – дыспрапорцыя, пласкастное выяўленне, адсутнасць перспектывы. У другой палове XVI ст. у іконапісу адчуваюцца рысы Адраджэння – з’яўляюцца элементы бытавога характару, архітэктурныя кулісы, прасторавасць пабудовы. У пачатку XVI ст. складваецца беларуская іканапісная школа. Найболь папулярны сюжэт у іконапісе – выявы Маці Боскай Адзігітрыі (Багародзіцы).
У свецкім жывапісе вылучаецца некалькі накірункаў. Партрэты-іконы характэрны для XIV ст., як прыклад – партрэт-ікона Ефрасінні Полацкай. Выкананы такія партрэты з улікам канонаў іконапісання.
На партрэтах-парсунах ужо больш аб’ёмнае прадстаўленне чалавека, з’яўляюцца элементы перспектывы і рэалізму. Невядомымі мастакамі створаны цікавыя партрэты княгіні Кацярыны Слуцкай (1580 г.), князя Юрыя Алелькавіча, Юрыя Тышкевіча (усе – канец XVI ст.). Перыяду Адраджэння на Беларусі характэрны сармацкі партрэт, з уласцівай яму ўрачыстасцю і параднасцю, увагай да атрыбутаў і гербаў, фактуры прадметаў і дэталяў адзення.
З развіццём кнігадрукавання далейшае развіццё атрымала кніжная графіка. Рукапісныя кнігі аздабляліся мініяцюрамі, друкаваныя – гравюрамі. Заснавальнікам кніжнай гравюры на Беларусі стаў Францыск Скарына. Яго выданні (Біблія, Псалтыр, Малая падарожная кніжыца) былі багата ілюстраваны сюжэтнымі кампазіцыямі і ілюстрацыямі прыкладнога характару, арнаментам.
З пашырэннем на Беларусі каталіцтва звязана паяўленне скульптуры. Самы ранні помнік драўлянай скульптуры, што захаваўся да нашага часу – “Распяцце” з в.Галубічы Глыбоцкага раёна (XIV ст.). У XV-XVI стст. у касцелах з’яўляюцца гатычныя алтары-рэтаблі, з якіх захаваліся толькі асобныя скульптуры. Вялікі ўплыў Рэнесансу наглядаецца ў скульптуры полацкіх майстроў “Святы Гжэгаж” – яе выразнасць набліжаецца да партрэтнай. Наогул, да скульптуры XVI ст. характэрна дасканалая апрацоўка форм чалавечай фігуры, увага да побытавых дэталяў. З’явіўся новы тып скульптуры – надмагіллі (Віленскі кафедральны сабор, надмагіллі канцлера А.Гаштольда і біскупа П.Гальшанскага, абодва – сярэдзіна XVI ст.).
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядучымі галінамі заставалася мастацкая апрацоўка металаў і вытворчасць ювелірных вырабаў. У гатычнай традыцыі зроблены пацір з Ружан (канец XV ст.), абклад Лаўрышаўскага евангелля (пачатак XV ст.). Уплыў Рэнесансу бачны ў паціру з Наваградка (XVI ст.). Мясцовыя майстры арганічна спалучалі традыцыі ранейшых часоў і асаблівасці заходнееўрапейскага мастацтва.
Еще по теме Архітэктура і будаўніцтва:
- Архітэктура і выяўленчае мастацтва.
- § 3. Жывапіс, скульптура і архітэктура
- § 1. Пачатак мірнага будаўніцтва. Новая эканамічная палітыка, яе сутнасць і вынікі
- § 3. Мастацтва і архітэктура
- § 4. Гаспадарчае і культурнае будаўніцтва ў 1919-1920 гг.
- § 2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура
- § 1. Беларусь пасля падпісання Брэсцкага мірнага дагавора. Сацыяльна- эканамічныя пераўтварэнні і культурнае будаўніцтва на свабоднай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Беларусі
- Лекцыя 15. Беларуская ССР у гады новай эканамічнай палітыкі. Эканамічная, палітычная гісторыя. Культурнае жыцце БССР
- УВОДЗІНЫ
- ЛІТАРАТУРА
- ЛІТАРАТУРА
- Лекцыя 10. Эканамічнае развіццё Беларускіх земляў у другой палове XIX стагоддзя. Адмена прыгоннага права, асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860-1870 гг. на Беларусі
- Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны
- Эвалюцыя рабочага руху і прапаганда марксізму. Рэвалюцыйна-дэмакратычны рух
- § 1. Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Развіцце асветы і навукі
- Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту
- Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Індустрыялізацыя
- § 3. Грамадска-палітычнае жыццё РэспублікіБеларусь на мяжы XX - XXI стст.
- Развіццё транспарту, унутранага і знешняга гандлю, фінансава-крэдытнай сістэмы