УВОДЗІНЫ
Гісторыя (ад грэч. кШогіа) - навука аб прошлым, зведаным. Гісторыя (гістарычная навука) уяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць прошлае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці.
Як комплекс навук гісторыя ўключае ў сябе такія спецыяльныя дысцыпліны, як археалогія і этнаграфія, навукі, якія вывучаюць гісторыю розных бакоў навукі і тэхнікі (гісторыя матэматыкі, гісторыя фізікі, гісторыя радыётэхнікі і электронікі і г. д.) і розных галін культуры (гісторыя тэатра, гісторыя архітэктуры, гісторыя музыкі і г. д.). Гісторыя ўваходзіць у групу сацыяльна- гуманітарных навук, якія вывучаюць той ці іншы рэгіён (афрыканістыка, балканістыка і г. д.), народ (беларусазнаўства, русістыка, сіналогія і г. д.) ці групу народаў (славяназнаўства).Устанаўленне заканамернасцей гістарычнага развіцця дасягаецца шляхам выяўлення і даследавання фактаў, падзей і працэсаў. Канкрэтна-гістарычны, факталагічны матэрыял з’яўляецца базай гістарычнай навукі, а калі яго няма, то і няма гісторыі як навукі. У сілу сваёй спецыфікі гісторыя адказвае на пытанні аб тым, што, калі, дзе, чаму і пры якіх абставінах адбылося, якія этапы прайшло ў сваім развіцці і чым стала сёння з пункту гледжання гістарычнага вопыту. Гісторыя не адказвае на пытанне аб тым, што было б, калі б тая ці іншая падзея (напрыклад, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г., Другая сусветная вайна 1939 - 1945 гг. і г. д.) не адбылася, бо гэтага ніхто не ведае і гэта не з галіны гістарычнай навукі, а з галіны гаданняў, прадказанняў і таму падобнага, да чаго навука не мае ніякага дачынення. Гісторыя - гэта тое, што было, а не тое, што магло быць.
Гісторыя - складаная, шматгаліновая навука аб прошлым, зведаным, аб тым, калі ўзнікла чалавечая цывілізацыя на нашай Планеце, якія этапы яна прайшла ў сваім развіцці, які агульнацывілізацыйны вопыт набыла і як яна крочыць у будучыню сёння.
Напісаная гісторыкамі і выпушчаная ў свет кнігавыдаўцамі, гісторыя павінна насіць пазітыўны характар, уключаць у сябе станоўчы, творчы зарад, выхоўваць у чытача высокія духоўныя і маральныя якасці і перш-наперш любоў да Айчыны, пачуццё гордасці за краіну і народ, гатоўнасць да здзяйснення добрых спраў у імя краіны і яе квітнення. Кожны грамадзянін, кожны школьнік і студэнт, які вывучыў курс гісторыі, павінен разумець, што будучае краіны і народа, будучае кожнага чалавека заключана ў прошлым, у нашай гісторыі. Напрыклад, Рэспубліка Беларусь стала суверэннай дзяржавай не толькі і не столькі дзякуючы таму, што ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. нацыянальныя дзеячы Беларусі рабілі спробу стварыць нацыянальную дзяржаўнасць на буржуазнай аснове, а дзякуючы таму, што ў 1919 г. была створана Беларуская ССР, у якой у складзе СССР быў створаны магутны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, які з’явіўся базай, фундаментам суверэннасці сённяшняй Беларусі. Пагэтаму гісторыя перыяду, калі БССР уваходзіла ў склад СССР, павінна разглядацца намі з патрыятычных пазіцый, насіць пазітыўны характар.
Ілстарычная праўда ўяўляе сабой камбінаваную, многапланавую, многагранную ісціну. Калі з гэтага складанага фарміравання (многагранніка) вылучыць толькі адну грань, паднесці яе блізка да вачэй і закрыць ёю астатнія грані, то мы атрымаем не веды, а аднабаковую, неаб’ектыўную, ненавуковую інфармацыю. Мы не ўбачым шырокай панарамы гістарычных падзей, гістарычнага працэсу ў цэлым, гістарычнай творчасці мільёнаў людзей. Некаторыя вучоныя з гістарычнага працэсу 20 - 50-х гадоў ХХ ст. наўмысна, у мэтах дыскрэдытацыі сацыялізму вырываюць толькі адну грань - палітычныя рэпрэсіі і да гэтага зводзяць усю гісторыю.
Але ж у тыя гады была здзейснена грандыёзная сацыялістычная індустрыялізацыя, створаны буйныя калектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Ажыццёўленая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сапраўдная культурная рэвалюцыя не мае аналагаў і сёння, бо ў свеце, прадстаўнікі “залатога мільярда” якога любяць хваліцца сваёй цывілізаванасцю, 1,2 млрд.
чалавек не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць.А між тым ужо да канца 30-х гадоў ХХ ст. Савецкі Саюз адносіўся да ліку 3 - 4 краін свету, якім была даступна вытворчасць усіх вядомых тады чалавецтву відаў прамысловай прадукцыі. СССР разам з іншымі саюзнымі дзяржавамі перамог гітлераўскую Германію і яе сатэлітаў і пазбавіў чалавецтва ад карычневай чумы фашызму. У пасляваенныя гады Савецкі Саюз з краіны індустрыяльна-аграрнай ператварыўся ў буйнейшую індустрыяльную дзяржаву свету з магутным вытворча-эканамічным і навукова-тэхнічным патэнцыялам, стаў адной са звышдзяржаў свету. У 1954 г. у Савецкім Саюзе была створана першая ў свеце атамная электрастанцыя, у 1957 г. запушчаны першы ў свеце штучны спадарожнік Зямлі, у 1961 г. здзейснены першы ў свеце пілатуемы палёт грамадзяніна СССР Ю.А. Гагарына ў космас. Быў запушчаны ў космас беспілотны карабель “Буран” і здзейснена яго пасадка, арганізавана работа ў космасе навуковай станцыі “Мір”.
Адказваючы на навязаную міжнародным імперыялізмам гонку ўзбраенняў, Савецкі Саюз у 1949 г. пераадолеў манаполію ЗША на ядзерную зброю, стварыўшы першую ў краіне атамную бомбу. Хутка была пераадолена таксама манаполія ЗША на тэрмаядзерную зброю, створана першая ў краіне вадародная бомба. Савецкі Саюз стварыў лепшыя ў свеце комплексы і сістэмы ўзбраенняў, у тым ліку ракетна-ядзерных і ракетна-касмічных, забяспечваючы існаванне біпалярнага свету, надзейную абароназдольнасць сваю і сваіх саюзнікаў, парытэт палітычных і ваенных сіл паміж дзвюма звышдзяржавамі (СССР і ЗША) і дзвюма ваенна-палітычнымі блокамі (Арганізацыя Варшаўскага Дагавору і НАТА). Гэта - па-першае.
Па-другое, у СССР былі забяспечаны бясплатная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, што трэба разглядаць як агульнацывілізацыйныя дасягненні. Кожны грамадзянін СССР меў рэальную магчымасць атрымаць бясплатнае жыллё, амаль бясплатную пуцёўку ў санаторый, пансіянат, дом адпачынку. Пастаянна раслі заработная плата і іншыя прыбыткі насельніцтва пры нязменнасці і стабільнасці рознічных цэн на тавары і паслугі, што рабіла апошнія даступнымі для шырокіх колаў народа.
Па-трэцяе, у галіне культуры была здейснена сапраўдная культурная рэвалюцыя. Яшчэ ў 20 - 30-я гады ХХ ст. была ліквідавана масавая непісьменнасць дарослага насельніцтва, а ў 50 - 60-я гады дасягнута поўная пісьменнасць усяго насельніцтва. Беларуская ССР стала рэспублікай суцэльнай пісьменнасці. У 20 - 30-я гады ў БССР было ажыццёўлена ўсеагульнае абавязковае пачатковае навучанне, у 50 - 60-я гады - сямігадовае навучанне, а ў 70 - 80-я гады - усеагульнае навучанне моладзі за курс сярэдняй школы. Сапраўдны расцвет атрымала савецкая навука і культура. Беларускі народ стаў адным з інтэлектуальных народаў свету. Дзякуючы росту яго агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню, дасягненні айчыннай і сусветнай культуры зрабіліся даступнымі для шырокіх мас працоўных.
Гэтыя і многія іншыя факты гісторыі, дасягненні СССР і БССР маюць не мясцовае, не нацыянальнае, а сусветна-гістарычнае, агульнацывілізацыйнае значэнне. Гаварыць аб “гістарычным краху Расіі” у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, аб “гістарычным тупіку”, аб “няўдалым сацыялым эксперыменце бальшавікоў” і г. д. - значыць займацца міфатворчасцю, выконваць палітыка- ідэалагічны заказ з тым, каб людзі, асабліва моладзь, забыліся пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, нічога не ведалі аб савецкім дзяржаўным і грамадскім ладзе, аб дасягненнях СССР і БССР у сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і духоўнай сферах.
Ход гісторыі мае глыбінны сэнс, які цяжка вызначыць, але які з’яўляецца больш значным за ўсе наттты думкі і разважанні аб гісторыі. Да 1941 г., напрыклад, ніхто не мог нават уявіць сабе, што краіне і яе народу прыйдзецца весці вайну за сваё існаванне на планеце з магутнай ваеннай машынай, якая ўключыла ў сябе амаль усе рэсурсы Еўропы. Але ход гісторыі ва ўсёй яе паўнаце магчымасць вайны неяк прадбачыў: павялічваўся хуткімі тэмпамі вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны, абаронны і духоўны патэнцыял савецкага грамадства. Калі б гэтага не было - не было б і Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вызначыць гэты глыбінны сэнс хода гісторыі - задача ў першую чаргу прафесіянальных гісторыкаў, навукоўцаў, грамадскасці.