§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польска-каталіцкай экспансіі
На шляху да рэлігійнай еднасці народаў Рэчы Паспалітай было шмат перашкод. Па-першае, да сярэдзіны XVI ст. насельніцтва Польшчы і ВКЛ мела розныя веравызнанні. У Польшчы пануючай рэлігіяй быў каталіцызм, а ў ВКЛ - праваслаўе (Беларусь і Украіна) і пратэстантызм (Літва).
Па-другое, каталіцызм і праваслаўе перажывалі крызіс. Па-трэцяе, былі вельмі складаныя рэлігійныя абставіны.Праваслаўе да 1385 г. было амаль дзяржаўнай рэлігіяй. Але пасля Крэўскай уніі пануючай рэлігіяй у ВКЛ стала каталіцтва. На пачатку XVI ст. каталіцкая рэлігія ўвайшла ў паласу крызісу. Сутнасць яго зводзілася да крытычных адносін шляхты як да каталіцкага культу, так і да арганізацыі касцёла і яго палітыкі. На глебе барацьбы паміж свецкай і духоўнай уладамі прарасла Рэфармацыя.
Рэфармацыя - грамадска-палітычны і рэлігійны рух, накіраваны супраць каталіцкай царквы як ідэйнай асновы феадалізму. У Рэфармацыі можна выдзеліць тры напрамкі:
1) каралеўска-княжацкі, які абараняў інтарэсы манархаў і свецкіх феадалаў ва ўмацаванні сваёй улады і захопе зямельных багаццяў царквы;
2) бюргерска-буржуазны з яго пропаведдзю “мірскога аскетызму” і рэспубліканскага ўладкавання царквы;
3) народны, які патрабаваў ліквідацыі царквы, феадальнага прыгнёту і ўзаконення роўнасці.
Шляхту і заможных гараджан Рэфармацыя прывабіла магчымасцю падарваць магутнасць царквы, якая ўшчымляла іх правы. У адрозненне ад заходнееўрапейскай, Рэфармацыя на Беларусі праходзіла на феадальным сацыяльна-эканамічным базісе, а яе асноўнай рухаючай сілай была феадальная знаць.
Найбольшае пашырэнне ў княстве атрымаў кальвінізм, абаронцам якога стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён заснаваў у Вільні першую пратэстанцкую абшчыну. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана больш за 50 кальвінісцкіх абшчын, а пры іх - цэрквы, школы, друкарні. Найбуйнейшымі рэфармацыйнымі цэнтрамі на Беларусі сталі Бярэсце, Нясвіж, Віцебск, Новагародак, Клецк, Іўе, Слуцк, Койданава і іншыя.
Вакол іх групаваліся выдатныя вучоныя, прапаведнікі, пісьменнікі, кнігавыдаўцы.У 60-я гг. XVI ст. на Беларусі, у Літве і на Украіне з кальвінізму вылучыўся больш радыкальны напрамак - арыянства, ці антытрынітарызм. Яго ідэолагі (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя) патрабавалі радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў, асуджалі прыгонніцтва, прапаведвалі агульнасць маёмасці, што прывяло іх да канфлікту з кальвінісцкай шляхтай. У сярэдзіне XVII ст. члены арыянскіх абшчын былі выгнаны з Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII ст. пад ударамі Контррэфармацыі Рэфармацыя сыходзіць з гістарычнай арэны.
Папства зрабіла стаўку ў выратаванні каталіцкай царквы на ордэн езуітаў. У ВКЛ езуіты з’явіліся на наступны год пасля Люблінскай уніі, выкліканыя віленскім біскупам для барацьбы з Рэфармацыяй. Галоўным ідэолагам Контррэфармацыі на Беларусі і ў Літве стаў Пётр Скарга. Правячыя колы Рэчы Паспалітай надзялялі езуітаў вялікімі зямельнымі ўладаннямі. Эканамічная моц забяспечыла ім магутны ідэалагічны і палітычны ўплыў.
Езуіты ўзялі ў свае рукі адукацыю - адкрылі акадэмію ў Вільні і 11 калегіумаў на Беларусі, пакрылі яе сеткай сваіх касцёлаў і кляштароў, заняліся дабрачыннай дзейнасцю. Адноўлены і ўзмоцнены каталіцызм пачаў выціскаць пратэстанцкія абшчыны. К канцу XVII ст. Контррэфармацыя ў княстве перамагла.
Да сярэдзіны XVII ст. - польскія каралі практычна падпарадкавалі сабе праваслаўную царкву.
Распрацаваная Трыдэнцкім саборам праграма рэстаўрацыі касцёла прадугледжвала распаўсюджванне яго ва ўсходнеславянскім свеце. Заснаванне Маскоўскага патрыярхату ў 1589 г. узмацняла праваслаўе на рускіх землях. Таму Ватыкан паспяшаўся з набліжэннем да сябе другой часткі гэтага свету - беларуска-украінскай - праз унію. Яго намеры супалі з імкненнем палітыкаў умацаваць Рэч Паспалітую праз адзінавер’е ўсіх яе падданых.
Некаторых мясцовых праваслаўных лідэраў (К. Астрожскі, I. Пацей, К. Тарлецкі і іншыя) прывабіў сваёй жыццяздольнасцю каталіцкі захад. Яны ўбачылі шлях да пераадолення духоўнага крызісу ў заключэнні уніі з Рымам.
Гэты шлях быў рэалізаваны ў выглядзе Берасцейскай уніі.Новы накірунак хрысціянства - уніяцтва - быў аформлены на Берасцейскім саборы 6 - 9 кастрычніка 1596 г. Ён прадугледжваў захаванне праваслаўнай абраднасці, царкоўна-славянскай мовы ў набажэнстве, але прызнаваў вяршэнства папы рымскага, каталіцкае веравучэнне.
Але замест спакою унія стала крыніцай раздораў. Першым напрамкам рэлігійнай барацьбы была літаратурна-багаслоўская палеміка. Другім напрамкам была парламенцкая барацьба. На сеймах паміж праваслаўнымі і уніятамі адбываліся вострыя спрэчкі. Трэцяй формай рэлігійнай барацьбы была адміністрацыйная барацьба: закрыццё праваслаўных цэркваў, перадача іх і манастыроў уніятам.
Па Беларусі пракацілася хваля антыуніяцкіх выступленняў. Першай акцыяй стала паўстанне Севярына Налівайкі (1595 - 1596). З пачатку XVII ст. усё большую вагу пачалі набываць казакі. Яны пачалі бараніць пакрыўджаную царкву. У 1648 г. на барацьбу з прыгнятальнікамі ўзнялося запарожскае казацтва на чале з Б.Хмяльніцкім, адным з галоўных патрабаванняў паўстання была ліквідацыя уніяцкай царквы.
У XVII - XVIII стст. на Беларусі ўзмацнілася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх манаскіх ордэнаў - францысканцаў, дамініканцаў, базыльян, бернардзінцаў, бенедыктынцаў і інш. Яны праводзілі гвалтоўнае акаталічванне беларускага насельніцтва. Абаронцамі праваслаўя сталі праваслаўныя брацтвы, якія ўзніклі ў XVI ст. Галоўны напрамак іх дзейнасці - захаванне чысціні праваслаўнага вучэння, богаслужэння і царкоўнага кіравання.
Такім чынам, на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай беларускі народ вымушаны быў весці цяжкую барацьбу за сваю веру, мову, культуру.