Калабарацыя на Беларусі
Калабарацыяністы (ад франц. соllaboration-супрацоўніцтва.) – асобы, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. Нездарма гэта слова мае французскае паходжанне. Менавіта ўрад Францыі, які ўзначаліў маршал А.Петэн, абвясціў калабарацыю галоўным прынцыпам адносін з германскім нацысцкім урадам пасля параджэння ў 1940 г.
У заходнееўрапейскіх краінах дзейнасць калабарацыяністаў трактуецца як палітычнае, ідэалагічнае і ваеннае супрацоўніцтва з акупантамі.
Да апошняга часу ў нас калабарацыя ацэньвалася як здрада радзіме. Да калабарацыяністаў адносяць супрацоўнікаў інстытутаў мясцовага самакіравання і паліцыі, у іх ліку Беларускай народнай самапомачы (БНС), Беларускага корпуса самааховы (БКС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і Беларускай краёвай абароны (БКА). Па розных звестках, калабарацыянісцкі рух на Беларусі налічваў каля 100 тыс. чалавек, значная колькасць з якіх была вымушана далучыцца да яго акупантамі і іх памагатымі шляхам прымусу.Калабарацыя на Беларусі была вынікам пэўных патрэб з боку акупацыйных уладаў – як ваенных, так і цывільных, у стварэнні дадатковых апаратаў кіравання. Гэты дапаможны апарат пачаў стварацца яшчэ летам 1941 г. Вялікія надзей на пераўтварэнне гэтага апарату ў самастойныя нацыянальныя ўрады мелі як польскія нацыянальныя дзеячы, так і нешматлікія беларускія нацыяналісты, якія актыўна пайшлі на супрацоўніцтва з нацыстамі яшчэ да лета 1941 г.
Акрамя ўтылітарных патрэб ад калабарантаў, акупацыйныя ўлады мелі яшчэ і пэўныя ідэалагічныя мэты. Галоўная сярод
іх – гэта пашырэнне антырускіх настрояў праз падтрымку нацыянальных рухаў на Украіне, Беларусі і ў Прыбалтыцы. Менавіта з гэтай нагоды перыядычна з’яўляліся праекты і ідэі аб стварэнні на акупіраванай тэрыторыі нацыянальных «дзяржаў».
Трэба адзначыць, што нават ідэйныя беларускія калабаранты, якія паставілі на «германскую карту», не былі адзіным лагерам.
Яны падзяляліся на некалькі груповак, варожа адна да другой настроеных, якія да таго абапіраліся на розныя германскія ведамствы. Так, можна вылучыць групоўкі Р.Астроўскага, ксяндза В.Гадлеўскага, І.Ермачэнкі, Ф.Акінчыца, В.Іваноўскага і ішн.Спачатку найбольш актыўна развярнулася супрацоўніцтва паміж Кубэ і Астроўскім, якому было даручана кіраванне неафіцыйным Паралельным Бюро (Нэбэнбюро), якое дубліравала дзейнасць галоўнага камісарыяту. Але хутка гэта супрацоўніцтва прыпынілася з прычыны прыезду ў Мінск Ермачэнкі, які прэтэндаваў на ролю адзінага лідэра беларусаў. Ён абвінаваціў Астроўскага ў супрацоўніцтве з камуністамі, і той павінен быў выехаць у Смаленск, дзе знайшоў падтрымку ваенных уладаў.
Беларуская народная самапомач была створана 22 кастрычніка 1941 г., кіраўніком яе загадам А.Розэнберга быў прызначаны Ермачэнка. Ствараючы БНС, нямецкія акупацыйныя ўлады хацелі паказаць пэўным колам мясцовага насельніцтва, што на Беларусі пачалося будаўніцтва нацыянальнага інстытута самакіравання.
Кіруючым органам Беларускай народнай самапомачы з’яўлялася Цэнтральная рада (Цэнтраль), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Склад Цэнтральнай рады БНС зацвярджаў В.Кубэ. Акруговыя і раённыя праўленні, а таксама старшыні валасных аддзелаў прызначаліся адпаведнымі кіраўнікамі мясцовай нямецкай адміністрацыі.
Практычна БНС займалася вырашэннем толькі сацыяльных пытанняў: зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання і вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Напачатку такая дзейнасць БНС у пэўнай ступені адпавядала інтарэсам германскіх акупацыйных уладаў. Але паступова Беларуская народная самапомач ператварылася ў палітычны рух і пачала злучацца з органамі адміністрацыі.
У сакавіку 1943 г. на з’ездзе Цэнтральнай рады і акруговых кіраўнікоў БНС быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў ад нямецкіх уладаў аўтаноміі Беларусі і стварэння беларускага ўрада і беларускага войска. Падкрэслівалася, што «урад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну, як ворагу беларускага народа».
Падобныя дзеянні кіраўніцтва БНС не спадабаліся перш за ўсё кіраўніцтву СС на Беларусі. У выніку кіраўнік БНС I.Ермачэнка быў зняты з пасады і высланы з Беларусі. Яго месца заняў В.Іваноўскі. Паводле распараджэння германскіх уладаў ад 18 сакавіка 1943 г., дзейнасць БНС у далейшым абмяжоўвалася толькі аховай здароўя і матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. У чэрвені 1943 г. Беларуская народная самапомач была рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, вярбоўкай новых членаў.Асаблівая ўвага з боку вермахта і кіруючых колаў калабарацыі надавалася стварэнню Беларускага корпуса самааховы (БКС), які пачаў фарміравацца па ініцыятыве генеральнага камісара Беларусі В.Кубэ летам 1942 г., як вайсковая структура беларускіх калабарацыяністаў. Практычная работа па арганізацыі БКС даручалася вайсковай камісіі, якая была ўтворана загадам I.Ермачэнкі. Адпаведныя камісіі былі арганізаваны і ў акругах генеральнага камісарыята «Беларусь».
Планавалася стварыць у кожным раёне адзінкі БКС ад роты да батальёна, усяго 3 дывізіі. I.Ермачэнка, які быў прызначаны камандуючым БКС, і яго паплечнікі разгарнулі актыўную дзейнасць. Былі арганізаваны курсы па падрыхтоўцы афіцэраў-беларусаў, праводзілася шырокая прапагандысцкая кампанія. Але германскія акупацыйныя ўлады так і не ўбачылі ў БКС нейкай баяздольнай узброенай сілы для барацьбы супраць партызан і Чырвонай Арміі. Створаныя фарміраванні самааховы не былі ўзброены немцамі належным чынам. Усяго з чэрвеня 1942 па красавік 1943 гг. было створана 20 батальёнаў самааховы. Але з прычыны слабага ўзбраення і актыўнай прапагандысцкай дзейнасці партызан атрады БКС былі небаяздольнымі і лёгка разганяліся партызанамі.
Восенню 1942 г. цікавасць немцаў да БКС пачала слабець. Замест гэтага яны вырашылі стварыць беларускія паліцэйскія батальёны на чале са сваім, нямецкім, камандным складам. Вясной 1943 г. германскія ўлады расфарміравалі атрады БКС.
Актыўную пазіцыю займалі кіруючыя колы калабарацыі ў справе ажыццяўлення прагерманскай маладзёжнай палітыкі.
Актыўную працу сярод моладзі праводзіў Ф.Акінчыц, які стварыў у Берліне Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. Ён працаваў у аддзеле прапаганды міністэрства Розэнберга і наездамі бываў на Беларусі. Але яго спроба стварыць аддзелы партыі на Беларусі сутыкнулася з цвёрдай забаронай акупантаў на ўсялякую дзейнасць палітычных арганізацый. Таму Акінчыц узяў накірунак на стварэнне маладзёжнай арганізацыі.22 чэрвеня 1943 г. у Мінскім гарадскім тэатры адбылося ўрачыстае пасяджэнне, на якім было аб’яўлена аб стварэнні Саюза беларускай моладзі. На ім прысутнічалі В.Кубэ і іншыя вышэйшыя кіраўнікі нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. На гэтым пасяджэнні былі прыняты статут і праграма СБМ, зацверджаныя пасля генеральным камісарам Беларусі.
Вышэйшым кіруючым органам СБМ з’яўляўся Цэнтральны штаб на чале з М.Ганько і Н.Абрамавай, які знаходзіўся да ліпеня 1944 г. у Мінску, а потым перабраўся ў Берлін. Пры штабе было 4 аддзелы, у тым ліку і «Працоўная група» па вярбоўцы і адпраўцы моладзі на работу ў Германію. На месцах былі створаны акруговыя і раённыя штабы СБМ.
Дзейнасць гэтай маладзёжнай арганізацыі вызначалі нямецкія акупацыйныя ўлады: выхаванне праваднікоў германскай палітыкі, падрыхтоўка беларускай моладзі для працы на ваенных заводах Германіі, служба ў ваенна-дапаможных часцях вермахта. Члены арганізацыі насілі спецыяльную форму, мелі свой друкаваны часопіс «Жыве Беларусь» і інш. Саюз беларускай моладзі знаходзіўся пад кантролем аддзела моладзі Генеральнага камісарыята «Беларусь».
СБМ налічваў у 1944 г. 12635 чалавек, з якіх, па розных звестках, ад 3,5 да 5 тыс. былі накіраваны на работу і вучобу ў Германію.
27 ліпеня 1943 г. В.Кубэ са згоды міністра Розэнберга дае дазвол на стварэнне Камітэту ці Рады Даверу. У склад яе ўвайшлі па аднаму з назначаных акруговымі камісарамі прадстаўнікоў акруг, а таксама шэсць чалавек ад цэнтра: В.Іваноўскі – мінскі бургамістр, Ю.Сабалеўскі – ад «Беларускай самапомачы», К.Рабушка – ад «прафсаюзаў», М.Ганько, Н.Абрамава – ад «Саюза беларускай моладзі».
Рада не мела самастойнага статусу, з’яўлялася састаўной часткай генеральнага камісарыяту. Адначасова быў дадзены дазвол на дзейнасць некаторых грамадскіх арганізацый – Беларускага навуковага таварыства.Але 22 верасня 1943 г. В.Кубэ быў забіты паводле ўдалага замаху, здзейсненага Аленай Мазанік і Марыяй Восіпавай. Яго пераемнік на пасадзе генеральнага камісара кіраўнік СС на Беларусі генерал фон Готберг распачаў шырокую рэпрэсіўную палітыку. Да таго, акрамя антыпартызанскага характару яна мела рабаўніцкі накірунак. У 1943 г. ваеннае становішча Германіі рэзка пагоршылася. Яна страціла значную частку акупіраваных тэрыторый, асабліва балючымі былі страты сельскагаспадарчых раёнаў поўдня СССР. Патрабавалася тэрмінова кампенсаваць гэтыя страты за кошт павелічэння эксплуатацыі Украіны і Беларусі. Але адначасова з рэпрэсіямі супраць мірнага насельніцтва ўлады пайшлі на далейшыя ўступкі нацыяналістам.
У снежні 1943 г., калі быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў шэраг раёнаў Усходняй Беларусі, акупацыйныя ўлады аб’явілі аб стварэнні дапаможнага дарадчага органа нямецкага кіравання на Беларусі – Беларускай Цэнтральнай Рады. У БЦР акупанты бачылі сродак мабілізацыі сіл беларускага народа для барацьбы з партызанамі і Чырвонай Арміяй і больш эфектыўнага выкарыстання беларускай эканомікі ў сваіх інтарэсах. Пэўныя колы беларускай калабарацыі, з свайго боку, спадзяваліся стварыць беларускую дзяржаўнасць пад пратэктаратам Германіі.
У склад БЦР уваходзіла 14 чалавек. Яе кіруючым органам быў прэзідыум, у які ўваходзілі Р.Астроўскі (прэзідэнт), С.Кандыбовіч, Ф.Кушаль, У.Родзька, Ю.Сабалеўскі, М.Шкялёнак. Структурна БЦР складалася з 12 аддзелаў.
Фармальна германскія акупацыйныя ўлады перадалі ў сферу падпарадкавання БЦР справы сацыяльнага забеспячэння, культуры, адукацыі і Беларускай краёвай абароны, хаця на месцах усе гэтыя накірункі па-ранейшаму знаходзіліся ў руках германскай акупацыйнай адміністрацыі.
Адным з найбольш значных мерапрыемстваў БЦР быў II Усебеларускі кангрэс, які адбыўся 27 чэрвеня 1944 г.
у Мінску. Ён быў скліканы па прапанове Р.Астроўскага з дазволу генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга. Удзельнікі II Усебеларускага кангрэса накіравалі прывітальную тэлеграму А.Гітлеру. Калі ўлічыць ваенна-палітычнае становішча ў 1944 г., то можна зрабіць выснову, што II Усебеларускі кангрэс больш нагадваў спектакль, які паставілі акупацыйныя ўлады разам з артыстамі з БЦР. 30 чэрвеня 1944 г. большасць членаў БЦР пакінула Мінск і накіравалася ў Кёнігсберг, а адтуль у Берлін.З’яўленне Беларускай краёвай абароны (БКА) звязана з загадам генеральнага камісара фон Готберга ад 23 лютага 1944 г., у якім гаварылася: «На прапанову Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады ад 18.02.44 г. загадваю аб утварэнні Беларускай краёвай абароны для барацьбы супраць бальшавізму». Аналагічны загад БЦР, якая называла сябе беларускім урадам, аб стварэнні БКА быў выдадзены 6 сакавіка 1944 г.
Аснову БКА складала прымусова мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-1924 гг. нараджэння. За няяўку ў вызначаны тэрмін прадугледжвалася смяротная кара. У выніку праведзенай мабілізацыі Беларуская краёвая абарона на канец красавіка-май 1944 г. складала 45 батальёнаў (39 стралковых і 6 сапёрных), якія налічвалі прыкладна каля 30 тыс. чалавек. Але, як сведчыць хроніка Беларускай Цэнтральнай Рады, пераважная большасць структур БКА ў гэты час знаходзілася толькі ў стадыі арганізацыі. Шэфам галоўнага камандавання БКА быў прызначаны маёр Ф.Кушаль, а яго намеснікам – лейтэнант В.Мікула.
Галоўная мэта БКА – барацьба разам з паліцыяй супраць партызан. Але створаныя батальёны не апраўдалі надзей немцаў. Большасць беларускага насельніцтва адмоўна ставілася да ідэй стварэння БКА. Многія з тых, каму пагражала мабілізацыя, уцякалі ў лясы да партызан. Пад уплывам агітацыі партызан і падпольшчыкаў адбылося масавае дэзерцірства вайскоўцаў з пераходам іх са зброяй да партызан. Відаць, таму немцы перасталі забяспечваць створаныя батальёны зброяй і ваеннай амуніцыяй. Фарміраванні БКА выкарыстоўваліся ў асноўным для аховы складоў і іншых гаспадарчых мэт.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў частка фарміраванняў БКА апынулася ў Германіі. Калі ў 1945 г. у Германіі кіраўнікі БЦР пачалі ствараць брыгаду СС «Беларусь», у яе ўступіла 1094 чалавекі. Палову з іх склалі былыя вайскоўцы з БКА.
Вынікі: Крах палітыкі беларускіх калабарантаў вынікаў з таго, што акупацыйныя ўлады не ставіліся да яго сур’ёзна. Яны толькі выкарыстоўвалі беларускіх нацыяналістаў у сваіх мэтах, адначасова праводзілі палітыку рабавання і знішчэння мірнага насельніцтва. Ці мог беларускі народ у такіх абставінах падтрымаць калабарантаў? Вядома, што не! Перамогі Чырвонай Арміі на франтах вайны, актыўная дзейнасць беларускіх партызан і падпольшчыкаў, патрыятызм і разважлівасць насельніцтва рэспублікі не дазволілі нямецкім акупантам і мясцовай калабарацыі ажыццявіць у поўнай меры свае мэты на беларускай зямлі.