Канфесійная і нацыянальная палітыка.
У канцы XVIII ст. на беларускіх землях пражывала каля 39 % уніятаў, 38 - католікаў, 10 - іудзеяў, 6,5 - праваслаўных, 4 - старавераў, астатнія 2,5 % прыходзіліся на пратэстантаў, мусульман і караімаў.
Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій, аднак верацярпімасць была адноснай. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі мясцовая праваслаўная царква перайшла пад юрысдыкцыю Свяцейшага Сінода. Сінод з’яўляўся вышэйшым органам кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве. Яго ўзначальваў обер-пракурор - свецкі чыноўнік, які прызначаўся імператарам. На беларускіх землях існавалі Магілёўская (створана ў 1632 г.) і Мінская (створана ў 1793 г.) епархіі, куды ўваходзілі тэрыторыі Міншчыны, Віленшчыны, і Гродзеншчыны. Нягледзячы на сваё пануючае становішча, праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным стане. Праваслаўнымі вернікамі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваране (у большасці сваёй католікі) мала клапаціліся пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў.Каталіцтва і пратэстантызм карысталіся шырокай свабодай на тэрыторыі беларускіх губерняў. Расійскі ўрад улічваў, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў і кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Згодна з даравальнай граматай Кацярыны II ад 1774 г. засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Адзінае, што катэгарычна забаранялася каталіцкаму духавенству - гэта схіляць да сваёй веры праваслаўных.
Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе часовы прытулак на землях Беларусі. Езуіты з дазволу ўлад маглі займацца місіянерскай дзейнасцю па ўсёй Беларусі.
Езуіцкія калегіі былі адкрыты ў Магілёве, Мсціслаўлі, Чачэрску, Віцебску, Дзвінску і Оршы. 12 студзеня 1812 г. Полацкай езуіцкай калегіі быў нададзены статус акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой каталіцкае духавенства супрацоўнічала з французскай акупацыйнай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. У 1820 г. была зачынена і Полацкая езуіцкая акадэмія.Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў. Кіраўнікі мінскай і магілёўскай праваслаўных епархій былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў пераходзіць у праваслаўе, а трэба “абуджаць добраахвотнае жаданне”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.
Аднак умацаванне каталіцтва адмоўна адбілася на становішчы уніятаў. Вернікамі уніяцкай царквы былі прыгонныя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Таму, нягледзячы на колькасную перавагу ў верніках, уніяцтва не з’яўлялася ўплывовай канфесіяй у краі. Да таго ж уніяты юрыдычна падпарадкоўваліся каталіцкай царкве. У пачатку ХІХ ст. пад ціскам мясцовых памешчыкаў- католікаў распачаўся перавод уніятаў у каталіцтва. Так, ў 1803 г. у Полацкай архіепіскапіі лацінскі абрад прынялі 100 тыс. вернікаў (паводле іншых звестак, каля 200 тыс.), у Дзісенскім і Вілейскім паветах Мінскай губерні - каля 20 тыс. і г. д. Акрамя таго, у гэты перыяд уніяцкая царква называлася не грэка- каталіцкая, а рымска-уніяцкая.
Рэскрыптам ад 4 ліпеня 1803 г. Аляксандр І забараняў пераходы ў каталіцтва. Каб захаваць цэласнасць уніяцкай царквы, указам Аляксандра І ад 16 ліпеня 1805 г. у Рыма-каталіцкай калегіі быў створаны уніяцкі дэпартамент, які ўзначальваў архіепіскап Іраклій Лісоўскі. Годам пазней І. Лісоўскі быў прызначаны уніяцкім мітрапалітам. І надалей урад неаднаразова прымаў указы, якія забаранялі каталіцкаму духавенству далучаць уніятаў, аднак яны фактычна не выконваліся.
Значныя абмежаванні ўводзіліся толькі ў адносінах да аднаго народа - яўрэяў. У Рэчы Паспалітай яўрэі не былі запрыгонены і не атрымалі права сяліцца на зямлі. У выніку гэтага яны прывыклі пастаянна перамяшчацца і займацца часовай дзейнасцю (Асноўная частка яўрэйскага насельніцтва жыла ў гарадах і таму запісвалася ў лік мяшчан або купцоў). Гэта з’ява супярэчыла парадкам у Расійскай дзяржаве, дзе ўсё насельніцтва рэгістравалася і пражывала ў канкрэтным месцы.
Расійскія ўлады імкнуліся зберагчы інтарэсы свайго карэннага насельніцтва. Калі яўрэйскія купцы пачалі канкурыраваць з рускімі, то Кацярына ІІ указам ад 23 снежня 1791 г. забараніла яўрэям запісвацца ў купецтва ва ўнутраных расійскіх гарадах. Яўрэям дазвалялася жыць толькі ў межах беларускіх губерняў і Таўрычаскай вобласці. З гэтага ўказа пачалося фарміраванне “мяжы аселасцГ яўрэйскага насельніцтва. Указам ад 23 верасня 1794 г. права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 заходніх губернях (беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх). Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах, займацца рамяством і гандлем. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што будуць плаціць падвойны дзяржаўны падатак у параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам. Каб забяспечыць паступленне падаткаў, урад пакінуў кагал у якасці органа абшчыннага яўрэйскага самакіравання. У 1795 г. яўрэям-купцам і мяшчанам было забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. “Палажэнне аб уладкаванні яўрэяў” ад 9 снежня 1804 г. захоўвала мяжу аселасці, адмяняла падвоены падатак з фабрыкантаў, рамеснікаў і землеўладальнікаў. Выбарчыя пасады ў гарадскім самакіраванні было дазволена займаць толькі адукаваным яўрэям, якія ведалі рускую, польскую або нямецкую мову. Па гандлёвых справах яўрэі маглі прыязджаць ва ўнутраныя губерні, але толькі па асобных пашпартах. “Палажэнне..прадугледжвала новую дыскрымінацыйную меру - ссяленне да 1 студзеня 1808 г. яўрэйскага сельскага насельніцтва ў гарады і мястэчкі. Гэта акцыя мела цяжкія наступствы для яўрэяў, паколькі многія з іх гублялі сродкі для існавання - арэнду зямлі, корчмаў і г. д.