§ 2. Знешняя палітыка ВКЛ у XIV - сярэдзіне XVI стст.
Знешняя палітыка ВКЛ XIV - сярэдзіны XVI стст. была цесна ўзаемазвязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя напрамкі: заходні, усходні і паўднёвы.
На заходнім накірунку унія з Польшчай, нягледзячы на складаныя ўнутраныя вынікі, умацавала міжнародныя пазіцыі княства, забяспечыла адносны спакой на яго заходняй мяжы, дазволіла аб’яднаць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульных знешніх ворагаў.
У XIV - першай палове XV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі крыжакі. У 1409 г. пачалася так званая “Вялікая вайна” (1409 - 1411 гг.) паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога. Менавіта антыкрыжацкі польска-літоўскі саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спыніць крыжацкую экспансію на славянскія землі.
На паўднёвым напрамку княства кантактавала з татарскімі ордамі. У 1362 г. у бітве на р. Сінія Воды (Падолле) вялікі князь Альгерд ушчэнт разбіў татара- мангольскае войска. Пасля гэтай бітвы была вызвалена і далучана да ВКЛ большая частка Украіны (Кіеўшчана, Падолле). Разгром у сіняводскай бітве ўзмацніў цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Залатой Ардзе, якая пачала развальвацца.
У 1395 г. чарговы залатаардынскі хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад сярэднеазіяцкага хана Цімура, які выгнаў свайго саперніка. Вялікі князь Вітаўт, які імкнуўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе рускія землі, заключыў з Тахтамышам пагадненне: Вітаўт паабяцаў вярнуць хану яго былы пасад “на Орде”, а Тахтамыш паабяцаў Вітаўту пасадзіць яго на княжанне ў Масковіі, якая з’яўлялася даннікам ардынскіх ханаў. Але гэтыя планы не спраўдзіліся, бо на р. Ворскла 12 жніўня 1399 г. кааліцыйнае войска Вітаўта і Тахтамыша было разгромлена войскамі Цімура.
У XV ст. Залатая Арда распалася на некалькі ўлусаў: Вялікую, Перакопскую (Крымскае ханства), Казанскую, Астраханскую і Нагайскую орды.
У сярэдзіне XV ст. набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ практычна спыніліся. З другой паловы XV ст. ускладніліся адносіны ВКЛ з Крымскім ханствам, якое ў 1480 г. заключыла антылітоўскі саюз з Вялікім княствам Маскоўскім. Штогод адбываліся набегі татар на тэрыторыю сучаснай Украіны. Часам яны даходзілі і далей, да беларускіх зямель. Іх актывізацыя назіралася на мяжы XV - XVI стст., падчас маскоўска-літоўскіх войн. Падлічана, што за перыяд з 1500 г. да 1569 г. крымчакі наведаліся на беларускія землі 45 разоў. Інтэнсіўнасць нападаў некалькі аслабла пасля іх разгрому войскам ВКЛ на чале з князем Міхаілам Глінскім пад Клецкам у жніўні 1506 г. Наступнае буйнае паражэнне крымчакам было нанесена ў 1527 г. у бітве пад Каневам. Пазней іх набегі спыняліся наладжанай сістэма аховы паўднёвых рубяжоў дзяржавы, у т. л. стварэннем атрадаў казакаў на Украіне.З канца XV ст. найбольш прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ стаў усходні, на якім разгортваліся падзеі, што склалі асноўны змест канфлікту з Вялікім княствам Маскоўкім. К канцу XV ст. яно ўзмацнілася і, падбіраючы астатнія рускія землі, у сутык падышло да межаў ВКЛ. Пачала нарастаць канфрантацыя паміж Вільняй і Масквой як двума цэнтрамі аб’яднання старажытнарускіх зямель. Масква прад’яўляла прэтэнзіі не толькі на тыя рускія княствы, якія пакуль яшчэ заставаліся самастойнымі, але і на землі ВКЛ, населеныя праваслаўным, рускім па тагачаснай тэрміналогіі, насельніцтвам. Літоўская ж дыпламатыя імкнулася ўбіць клін у аб’яднаўчыя працэсы ў Маскоўскай дзяржаве і прадтрымлівала апошнія самастойныя княствы Русі. Акрамя таго, пачынаючы з канца XV ст., маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ абвясціў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, умешваючыся тым самым ва ўнутраныя справы заходняга суседа. Сапраўды праваслаўе ў ВКЛ было не пануючым, а цярпімым веравызнаннем, але цярпімасць гэта была дастаткова шырокай і адкрытага гвалту над праваслаўнымі ў гэты перыяд тут не было. Таму заявы Івана ІІІ пра ўціск на праваслаўных у ВКЛ належыць прызнаць надуманымі, закліканымі апраўдаць агрэсію супраць заходняга суседа.
З 1487 да 1492 г. на памежжы фактычна ішла неаб’яўленая вайна, якая суправаджалася ад’ездамі т. зв. “украінных” князёў на службу ў Маскву. А з 1492 па 1494 г. доўжылася ўжо першая маскоўска-літоўская вайна. У выніку яе да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Пскоў, Ноўгарад, Цвер. Мірная дамова 1494 г. была замацавана шлюбам вялікага князя Аляксандра з Аленай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. У 1500 г. пачалася чарговая маскоўска-літоўская вайна, якая доўжылася да 1503 г., калі было абвешчана 6-гадовае перамір’е і вызначаны новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышла прыкладна трэцяя частка тэрыторыі ВКЛ з 19 буйнымі гарадамі, у т. л. Гомелем, Бранскам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім, Старадубам і г.д.
Пры Жыгімонце Старым войны з Маскоўскай дзяржавай аднавіліся. Вайна 1507 - 1508 гг. нікому не прынесла поспеху (ВКЛ вярнула толькі Любеч і пяць смаленскіх валасцей) і скончылася т. зв. вечным мірам , які доўжыўся толькі 4 гады. У 1512 г. вайна аднавілася. Яна цягнулася 10 гадоў. У ходзе яе 31 ліпеня 1514 г. быў страчаны Смаленск, а 8 верасня 1514 г. адбылася знакамітая бітва пад Оршай, у якой гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў больш чым удвая пераважаючае маскоўскае войска. У 1522 г. было падпісана 5-гадовае перамір’е, па ўмовах якога Смаленская зямля засталася за Масквой, шматлікі “маскоўскі палон” - за ВКЛ. Але мір так і не быў падпісаны з-за спрэчак наконт Смаленска. Таму перамір’е было прадоўжана ў 1527 і 1532 гг. У 1534 г. пачалася чарговая вайна, якая доўжылася да 1537 г., калі было падпісана 5-гадовае перамір’е, якое затым працягвалася ў 1542 і 1548 гг. (да 1562 г.). У выніку яе ВКЛ вярнула Гомель, аднак страціла шэраг тэрыторый на поўначы. У сярэдзіне XVI ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямі Івана IV ужо на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Гэта сведчыла аб пагрозе існаванню ВКЛ. З 1559 г. ВКЛ аказалася ўцягнутым у чарговы ваенны канфлікт, які меў самыя страшныя наступствы для яго далейшага лёсу.
Такім чынам, у канцы XV - пачатку XVI ст. у знешняй палітыцы ВКЛ адбылася пераарыентацыя і найбольш прыярытэтным напрамкам стаў усходні, дзе разгарнулася барацьба з Вялікім княствам Маскоўскім за так званую “спадчыну Рурыкавічаў”. Барацьба гэта прывяла да значных тэрыторыяльных страт і прымушала ВКЛ шукаць лепшага паразумення са сваім партнёрам па уніі - Польшчай.