<<
>>

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі.

Вынікі Венскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Царству (Каралеўству) Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага.

Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў. Яго ўзначаліў галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Штандарам Літоўскага корпуса была зацверджана “Пагоня” Вялікага княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбным арле.

Але для найбольш радыкальнай і актыўнай часткі шляхты былой Рэчы Паспалітай існаванне куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння было недастаткова. Яшчэ ў 1796 г. ў Вільні было заснавана першае тайнае антырасійскае згуртаванне “Віленская асацыяцыя”. Сваёй мэтай таварыства вызначыла барацьбу за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Члены таварыства склалі “Акт паўстання”, але ў 1797 г. ўлады выкрылі арганізацыю.

Значны ўплыў на распаўсюджванне тайных арганізацый аказала адраджэнне ў 1815 г. ў Царстве Польскім дзейнасці легальнага масонства. У 1819 г. таварыства “Нацыянальнае масонства” паставіла сабе за мэту аднаўленне незалежнай “Польшчы ў магчыма больш шырокіх межах”. Для яе рэалізацыі меркавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай. У склад арганізацыі ўвайшлі былы маршалак Віленскай губерні М. Ромер, сакратар канцылярыі віленскага маршалка Ю. Струміла, князь К. Радзівіл, граф С. Солтан. У маі 1821 г. таварыства было пераўтворана ў тайную арганізацыю, якая атрымала назву “Патрыятычнае таварыства”. Ініцыятарамі выступілі генерал Я. Ушынскі, маёр В. Лукасінскі і іншыя польскія афіцэры. Цэнтральны Камітэт арганізацыі накіраваў эмісараў у Літву, Кракаў, Падолле для стварэння мясцовых аддзелаў. Асноўную ўвагу ў сваёй дзейнасці ён звярнуў на асобны Літоўскі корпус.

У 1824 - 1825 гг. паміж Патрыятычным таварыствам і Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў адбыліся перамовы аб будучыні адроджанай Польшчы. Землі Беларусі сталі прадметам спрэчак. У 1826 г. існаванне “Патрыятычнага таварыства” было выкрыта па справе дзекабрыстаў.

У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і інш. заснавалі тайнае патрыятычнае Таварыства філаматаў (прыхільнікаў ведаў), члены якога першапачаткова ставілі асветніцка- культурныя мэты. Паступова філаматы прыйшлі да ідэі карэнных сацыяльна- эканамічных рэформ: ліквідацыі прыгоннага права, увядзення канстытуцыйнага кіравання. У праграме таварыства выказвалася ідэя аб праве народаў на незалежнае існаванне. У 1818 г. філаматы пашыраюць сферу сваёй дзейнасці. Яны засноўваюць філіялы - "Таварыства прамяністых” і "Саюз

літаратараў”. У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікае "Таварыства аматараў навуК”, члены якога прапаведавалі ідэі волі і роўнасці. На працягу 1817 - 1823 гг. у асяроддзі студэнцкай моладзі Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расіі існавала каля 50 тайных згуртаванняў.

У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Гэта таварыства ўключала ў сябе больш шырокія колы моладзі, ў тым ліку за межамі Вільні. Галоўная мэта філарэтаў - аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Члены таварыства займаліся вывучэннем беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. У асяроддзі віленскай моладзі выказваліся і планы ўзброенага выступлення. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый. Дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка. Ад працы ў Віленскім універсітэце былі адхілены І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Баброўскі. Сваіх пасад пазбавіліся рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі.

У 1824 - 1825 гг.

урад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак.

Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у Беларусь былі пераведзены гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты

А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адаеўскі, К. Рылееў і інш. М. Мураўёў, кіраўнік “Паўночнага таварыства”, падчас знаходжання ў Мінску, напісаў свой першы варыянт “Канстытуцыі”. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра “Таварыства з’яднаных славян” І. Гарбачэўскі. Дзекабрыстамі распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, якое павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. Дзекабрысты і члены мясцовых тайных таварыстваў спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва. Аднак пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася.

У 1825 - 1826 гг. у Магілёве існавала ўправа Паўночнага таварыства, арганізаваная па ініцыятыве М. Нарышкіна ад’ютантамі галоўнакамандуючага 1-й арміі В.А. Мусіным-Пушкіным і П.П. Цітовым. У Гродзенскай губерні дзейнічалі два тайных дзекабрысцкіх таварыствы - “Таварыства сяброў” (1822 - 1826 гг.) і “Таварыства ваенных сяброў” (1825 - 1826 гг.). Апошняе па ініцыятыве К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна, 24 снежня 1825 г. падняло паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С. Трусаў.

Пасля разгрому дзекабрыстаў праз ваенна-судовую камісію, якая працавала ў Магілёве, прайшлі 15 чалавек. Другім цэнтрам следства і суда над дзекабрыстамі быў Беласток. Бабруйская крэпасць стала “турмой на Бярэзіне” для 20 дзекабрыстаў, у тым ліку І. Бурцова, В. Норава, С. Трусава і інш.

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіцыйнага руху ў Царстве Польскім. Ідэі ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя, якія існавалі ў польскіх тайных таварыствах, знаходзілі водгук і сярод студэнцкай моладзі Віленскага універсітэта.

<< | >>
Источник: Вучэбны дапаможнік па курсу «Гісторыя Беларусі». 2006

Еще по теме Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі.:

  1. Крыніцы па гісторыі Беларусі. Асноўныя задачы навукі “Гісторыя Беларусі”
  2. Сельская гаспадарка Беларусі на пачатак XX ст. Сталыпінская аграрная рэформа на Беларусі
  3. Рэвалюцыйныя падзеі 1905–1907 гг. на Беларусі. Палітыка царызму на Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд
  4. Лекцыя 1. Прадмет, метады і задачыкурса “Гісторыя Беларусі”. Вывучэнне курса “Гісторыя Беларусі” ў сістеме “Адкрытая адукацыя”
  5. Землі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР
  6. ТЭМА 1. ПРАДМЕТ, МЕТАДЫ І ЗАДАЧЫ КУРСА “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ”. ВЫВУЧЭННЕ КУРСА “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ” Ў СІСТЭМЕ “АДКРЫТАЯ АДУКАЦЫЯ”
  7. Вынікі вайны для Беларусі.
  8. Нацыянальна-вызвалейчы, сялянскі і рабочы рух у Заходняй Беларусі
  9. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.
  10. Вызваленне Беларусі
  11. Эканамічнае становішча Беларусі ў 1900-1913 гг.
  12. 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў
- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История варварских народов - История Византии - История Грузии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Древней Греции - История Казахстана - История Крыма - История мировых цивилизаций - История науки и техники - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История рыцарства - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Методы исторического исследования - Музееведение - Новейшая история России - ОГЭ - Первая мировая война - Ранний железный век - Ранняя история индоевропейцев - Советская Украина - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век - Этнография и этнология -