Рэформа дзяржаўнай вёскі.
Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства.
Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны былі абвешчаны вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, мяняць накірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян нічым не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, у Беларусі - на паншчыне.
Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудовы яе апарату кіравання. Агульнае кіраванне было сканцэнтравана ў Дэпартаменце дзяржаўных маёмасцей Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 1836 г. яны перадаваліся новаму Міністэрству дзяржаўных маёмасцей, першым міністрам якога быў прызначаны П.Д. Кісялёў. Замест чатырох’яруснай сістэмы мясцовага кіравання, уведзенай у расійскіх губернях, у Беларусі ўстанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня - акруга - сельская ўправа. У выніку рэформы абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору. Было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі адміністрацыйны кантроль за часовымі ўладальнікамі, павышаны статус сельскай абшчыны.
Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам на выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў. Акрамя гэтага, ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказання медыцынскай дапамогі, правядзення розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п’янствам. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі побыт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў.
Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д. Кісялёва - люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У працэсе люстрацый у Беларусі знішчаюцца фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. З фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў. Да канца 1857 г. на аброк пераведзены ўсе дзяржаўныя маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.
Адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна- прагрэсіўны характар. Агульная плошча сялянскага надзельнага фонду ў выніку рэформы П.Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. І хоць гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй (за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %), але затое было некалькі ўраўнавана становішча сялян, знізіўся цяжар павіннасцей. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. Прынцыповае значэнне мелі правы ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі.