Сельская гаспадарка. Сацыяльныя супярэчнасці.
Адной з асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. У сярэдзіне 30-х гг. ХІХ ст. 3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян.
Дробныя і сярэднія памешчыкі (да 100 душ прыгонных), якія складалі 80 % агульнай колькасці, валодалі ўсяго 15,8 % сялян.У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя,
вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі важнай галіной прыбытку быў продаж лесу.
Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. Яны імкнуліся павялічваць плошчу ворных зямель. З канца XVIII да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3-4 разы. Вырошчвалася жыта, авёс, ячмень. Папулярнай культурай стала бульба. У сувязі з пераўтварэннем бульбы з агароднай культуры ў палявую яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20- 25 разоў. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыралася вытворчасць ільну. Раслі пасевы канапель, цукровых буракоў.
Важнейтттым напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, становіцца танкарунная авечкагадоўля. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыкі, якія мелі ў сябе вінакурныя заводы.
Некаторыя памешчыкі ў мэтах павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца, галоўным чынам на прамысловых прадпрыемствах, на будаўнічых работах. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 г. у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі.
Перад адменай прыгоннага права ў банках было закладзена каля 68 % беларускіх сялян. Так феадальная памешчыцкая ўласнасць пераўтваралася ў капіталістычную ўласнасць банкаў і крэдытных устаноў.Асноўнай вытворчай базай маёнтка памешчыка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай, за выключэннем інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. Так, у канцы 50-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны (дзесяціна - 1,09 га), у Магілёўскай - 7,3 дзесяціны. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі). Гэтых надзелаў ледзьве хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялянскай сям’і. Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5. Гаспадарка сялян, як дзяржаўных, так і памешчыцкіх, была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася рэдка, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.
Аднак, нягледзячы на панаванне паншчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя вырабы.
Пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. З’явіліся заможныя сяляне. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. У той жа час у беларускай вёсцы расла колькасць беззямельных сялян (бабылёў, кутнікаў і інш.). Сяляне ў масе сваёй усё больш разараліся і не маглі, як раней, несці павіннасці. Паншчына ў большасці маёнткаў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі.
Адным з яскравых паказчыкаў крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы было нарастанне сялянскага руху. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці, - больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.
Своеасаблівай формай пратэсту сялян было тое, што некаторыя з іх пакідалі родныя мясціны ў пошуках “вольных зямель”. Так, напрыклад, у пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі свае вёскі і групамі накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні і Бесарабію. Для таго каб затрымаць і вярнуць іх на радзіму, была паслана ваенная каманда.
У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі пашырыліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 тыс. сялян Віцебскай губерні групамі па 200 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Мікалаеўскай чыгункі, спадзеючыся, што, адпрацаваўшы там 3 гады, яны будуць вызвалены ад прыгоннай залежнасці.
Але найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей і падача іскаў аб вольнасці на імя цара.
З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў.
Барацьба дзяржаўных і памешчыцкіх сялян за паляпшэнне свайго становішча прымусіла расійскі ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі. У гэтых умовах урад праводзіць рэформы, мэтай якіх было захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўнаваць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў граф П.Д. Кісялёў - кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.