<<
>>

§ 3. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі

Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга.

Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў XIII ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VII - VIII стст. (Г. Штыха ў, М. Ермаловіч,

М. Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў XIII - XIV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў XIV - XVI стст. Ёсць іншыя меркаванні.

Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У XIX ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў - часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь - частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова - дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903 - 1922. Т. 1 - 3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш.

Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь - Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.

Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М. Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі - крывіцка-дрыгавіцка- радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам - балтамі - прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В. Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В. Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей - крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтарам з’яўляецца пісьменнік І.Ласкоў. На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), ён лічыць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.

У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С. Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным. У выніку змешвання розных супольнасцей - крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых - у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ - Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая ўсходнеславянская этнічная супольнасць - старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі - Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі - рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Без дастатковых навуковых абгрунтаванняў яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны - беларускую, рускую і ўкраінскую. Уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі - цюрскага, беларускі - балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) - крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці.

Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ - Х стст., а значна пазней.

У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пнлнпенко М.Ф. Возннкновенне Белорусснн: новая концепцня. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ - Х стст. Затым у канцы Х - пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны

агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці - папрыпяцка-палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай - “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцка-палескай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці - палешукоў, у паўночным (падзвінска- дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў - старажытных беларусцаў. Піліпенка лічыць, што менавіта палешукі і беларусцы сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, узаемапранікнення, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцка-палескай і падзвінска-дняпроўскай)

усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і змяшэння, кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва - заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, у канцы XV - сярэдзіне XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”, а яе жыхары атрымалі назву “беларусы”.

<< | >>
Источник: Вучэбны дапаможнік па курсу «Гісторыя Беларусі». 2006

Еще по теме § 3. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі:

  1. Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі.
  2. § 2. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя СССР: розныя погляды і меркаванні
  3. Крыніцы па гісторыі Беларусі. Асноўныя задачы навукі “Гісторыя Беларусі”
  4. Сельская гаспадарка Беларусі на пачатак XX ст. Сталыпінская аграрная рэформа на Беларусі
  5. Рэвалюцыйныя падзеі 1905–1907 гг. на Беларусі. Палітыка царызму на Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд
  6. Лекцыя 1. Прадмет, метады і задачыкурса “Гісторыя Беларусі”. Вывучэнне курса “Гісторыя Беларусі” ў сістеме “Адкрытая адукацыя”
  7. § 1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні
  8. Землі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР
  9. ТЭМА 1. ПРАДМЕТ, МЕТАДЫ І ЗАДАЧЫ КУРСА “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ”. ВЫВУЧЭННЕ КУРСА “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ” Ў СІСТЭМЕ “АДКРЫТАЯ АДУКАЦЫЯ”
  10. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.
  11. Вызваленне Беларусі
  12. Вынікі вайны для Беларусі.
  13. 10. Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў
  14. Гаспадарка Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах
  15. Гаспадарчае рабаванне Беларусі
  16. ГЛАВА 6. ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСІ. ЗАКАНЧЭННЕ ВАЙНЫ
  17. Нацыянальна-вызвалейчы, сялянскі і рабочы рух у Заходняй Беларусі
- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Давня історія України (до VI ст.) - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История варварских народов - История Византии - История Грузии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Древней Греции - История Казахстана - История Крыма - История мировых цивилизаций - История науки и техники - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История рыцарства - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Методы исторического исследования - Музееведение - Новейшая история России - ОГЭ - Первая мировая война - Ранний железный век - Ранняя история индоевропейцев - Советская Украина - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век - Этнография и этнология -