§ 3. Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі
Канец XIX - пачатак XX ст. - час стварэння і станаўлення палітычных партый. Асаблівасцю палітычнага развіцця было тое, што ў сувязі з параўнальна нядоўгім існаваннем капіталістычных адносін працэс класавай дыферэнцыяцыі і фарміравання нацыянальнай самасвядомасці на Беларусі не скончыўся.
На практыцы гэта паўплывала на разнастайнасць палітычных партый і рухаў (у тым ліку агульнарасійскіх), тэрмін іх фарміравання і асаблівасці дзейнасці.У другой палове 1890-х гг. сярод сацыял-дэмакратаў шматнацыянальных заходніх губерняў пераважала тэндэнцыя да стварэння рабочых арганізацый па нацыянальнай прыкмеце. Такую пазіцыю заняла ЛСДП. Узаемадзеянне з расійскім пралетарыятам адмаўляла Польская сацыялістычная партыя (ППС). У верасні 1897 г. на з’ездзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый у Вільні ўтварыўся Бунд - Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Яго лідэрам стаў А. Крэмер. Бунд лічыў, што абараніць інтарэсы яўрэйскіх рабочых можа толькі іх нацыянальная арганізацыя. Але з пазіцыяй Бунда пагадзіліся не ўсе яўрэйскія рабочыя арганізацыі. Праціўнікі Бунда стварылі ў Мінску Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Яе кіраўнікамі сталі Л. Радзівонава- Клячко, Р. Гершуні, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. Гэтая група стаяла на інтэрнацыянальных пазіцыях і схілялася да тэрарыстычных метадаў барацьбы з самадзяржаўем.
На аснове масавай сацыялістычнай агітацыі ў другой палове 1890-х гг. назіраўся значны ўздым стачачнай барацьбы рабочых, у Расіі ўзніклі буйныя гарадскія і рэгіянальныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Усё гэта выклікала неабходнасць аб’яднання сацыял-дэмакратаў у адзіную партыю. Ініцыятарам аб’яднаўчага працэсу стаў створаны У.І. Леніным у 1895 г. пецярбургскі “Саюз барацьбы за вызваленнерабочага класа".
1 - 3 сакавіка 1898 г. у Мінску прайшоў з’езд прадстаўнікоў пецярбургскага, маскоўскага, кіеўскага і екацярынаслаўскага “Саюзаў барацьбы”, кіеўскай “Рабочай газеты” і Бунда.
З’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні прадстаўленых на ім арганізацый у Расійскую сацыял- дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП) і выбраў ЦК партыі. Бунд увайшоў у РСДРП на правах аўтаноміі ў вырашэнні мясцовых спраў.Хутка пасля першага з’езда РСДРП яе ЦК быў арыштаваны. Сярод сацыял- дэмакратаў абвастрылася барацьба паміж прыхільнікамі рэвалюцыйнага і рэфармісцкага кірункаў. Цэнтрам згуртавання рэвалюцыйных сацыял- дэмакратаў стала газета “Шкра”, якая пачала ідэйную барацьбу з эканамізмам.
Прыхільнікі эканамізму адмаўлялі палітычную барацьбу пралетарыяту і лічылі, што змагацца трэба толькі за паляпшэнне эканамічных умоў жыцця працоўных.
На тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст. дзейнічалі невялікія групы Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), створанай у 1900 г. на з’ездзе прадстаўнікоў РСЛ і сацыял-дэмакратаў Польшчы. Яе кіраўнікамі былі Ф. Дзяржынскі і С. Трусевіч. СДКПіЛ падзяляла ідэі рэвалюцыйнай палітычнай барацьбы пралетарыяту і імкнулася да аб’яднання з РСДРП. У 1902 г. была ўтворана ППС у Літве. Яна склалася з груп ППС, якія дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі. Гэтая партыя грунтавалася на леванародніцкіх ідэалах сацыялізму, выступала за незалежнасць Беларусі і Літвы.
Эканамічны крызіс 1900 - 1903 гг. і руска-японская вайна 1904 - 1905 гг. садзейнічалі абвастрэнню ўсіх супярэчнасцей расійскага грамадства і росту рэвалюцыйнай барацьбы ў краіне. Гэта паскорыла працэс утварэння сацыялістычных і нацыянальна-дэмакратычных партый.
Летам 1903 г. у Бруселі (потым у Лондане) адбыўся ІІ з’езд РСДРП (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі). Ён прыняў праграму РСДРП, распрацаваную прыхільнікамі газеты “Іскра”. Бліжэйшай палітычнай задачай партыя ставіла звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі, а сваёй канчатковай мэтай - пралетарскую рэвалюцыю, дыктатуру пралетарыяту і пабудову сацыялізму. Пры абмеркаванні статута РСДРП і выбарах у кіруючыя органы партыі адбыўся раскол. З гэтага часу рэвалюцыйна настроеных расійскіх сацыял-дэмакратаў пачалі называць бальшавікамі (лідэр - У.І.
Ленін), а прыхільнікаў рэфармісцкага накірунку - меншавікамі (лідэр - Л. Мартаў).У 1902 г. прыхільнікі ідэй народніцтва стварылі Партыю сацыялістаў- рэвалюцыянераў (эсэраў). Эсэры выступалі за пабудову сацыялізму, заснаванага на аснове сацыялізацыі зямлі, ураўняльнага землекарыстання і кааперацыі. Яны мелі на мэце звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне памешчыцкага землеўладання і ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Галоўным сродкам барацьбы эсэры лічылі індывідуальны палітычны тэрор. Лідэрам эсэраў быў Р.А. Гершуні.
На рубяжы ХІХ - ХХ стст. з агульнадэмакратычнага руху вылучылася беларуская нацыянальная плынь. У канцы 1902 - пачатку 1903 гг. з нацыянальна-культурных гурткоў Мінска, Вільні і Пецярбурга аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ). Сярод яе стваральнікаў і кіраўнікоў былі браты Іван і Антон Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка), К. Кастравіцкі, А. Бурбіс, В. Іваноўскі, Ф. Умястоўскі. Усе яны паходзілі з дробнамаянтковай апалячанай беларускай шляхты.
На І з’ездзе БРГ ў 1903 г. была прынята праграма, у якой грамада называла сябе сацыяльна-палітычнай арганізацыяй беларускага працоўнага народа. Партыя выступала за звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне капіталізму і ўсталяванне дэмакратычнага ладу, прызнавала правы народаў Расіі на аўтаномію. Аграрная праграма БРГ прадугледжвала знішчэнне прыватнай зямельнай уласнасці і ўвядзенне ўраўняльнага землекарыстання без эксплуатацыі чужой працы. Шлях да сацыялізму яна бачыла праз усебаковую кааперацыю працоўных. Пазней БРГ была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Сваю агітацыю БСГ праводзіла ў асноўным сярод сялянства, у рабочым асяроддзі яе ўплыў быў нязначным.
Такім чынам, у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. былі закладзены ідэйныя і арганізацыйныя асновы далейшай барацьбы розных апазіцыйных самадзяржаўю сіл, якія пачалі афармляцца ў палітычныя партыі.