Падрыхтоўка Расіі да вайны і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях.
Тэрыторыя Беларусі і Літвы разглядалася расійскім камандаваннем у якасці будучага галоўнага тэатра ваенных дзеянняў. Таму ўрад прыняў шэраг мер для яе ўмацавання ў інжынерных і інтэнданцкіх адносінах.
У жніўні 1810 г. было вырашана пабудаваць ваенныя цытадэлі ў Бабруйску і Дынабургу і ваенны лагер каля Дрысы, а каля Барысава - масты праз Бярэзіну. У будаўніцтве гэтых абарончых збудаванняў прымала актыўна ўдзел насельніцтва Беларусі. Напрыклад, на работы па пабудове Дрысенскага ваеннага лагера кожны дзень прыцягвалася каля 2 500 чалавек.У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў бягучым забеспячэнні дыслацыраваўшыхся тут палявых рэгулярных войск, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 - 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.
Падрыхтоўка да вайны ўскладнялася супярэчнасцямі ў палітычным настроі беларуска-літоўскага грамадства, у першую чаргу ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы арыентаваліся на Напалеона. Вялікая колькасць шляхецкай моладзі яшчэ з часоў аўстра-франка-польскай вайны 1809 г. эмігравала ў Герцагства Варшаўскае і паступала служыць у польскае войска. Прынятыя ў гэтай сувязі расійскімі ўладамі захады (секвестр і канфіскацыя маёмасці, судовыя прыгаворы) асаблівага поспеху не мелі.
Аднак пераважная большасць шляхты з асцярогай глядзела на сацыяльныя рэформы ў герцагстве, асабліва на адмену прыгоннага права. Для многіх шляхціцаў імя Напалеона было непарыўна звязана з Французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Частка арыстакратаў і буйных землеўласнікаў звязвала свае надзеі на аднаўленне элементаў “літоўскай” дзяржаўнасці (ВКЛ) у саюзе з Расіяй і на чале з Аляксандрам І.
Са свайго боку, для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандр І істотна знізіў падаткі, якія паступалі ў казну з тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць краю пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі, К. Плятэр,
К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект “Палажэння аб кіраванні
аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім ”. У склад апошняга павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было быць абвяшчэнне Маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Прадугледжвалася таксама паступовае, на працягу 10 гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак ажыццяўленне праекта адкладвалася. У вышэйшым расійскім кіраўніцтве гэты праект разглядалі як спробу раздзялення і аслаблення імперыі.
Еще по теме Падрыхтоўка Расіі да вайны і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў заходніх губернях.:
- Падрыхтоўка Германіі да вайны з Савецкім Саюзам
- Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР
- § 1. Удзел БССР у барацьбе міжнароднага супольніцтва за вырашэнне глабальных сацыяльна-палітычных праблем, за мір і бяспеку
- § 1. Пачатак і прычыны Першай сусветнай вайны. Адносіны да вайны розных класаў і партый
- РАЗДЗЕЛ VIII. БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (верасень 1939 г. - верасень 1945 г.)
- “Польскае пытанне” ва ўрадавай палітыцы Расіі.
- Адраджэнне сельскай гаспадаркі. Прымусовая калектывізацыя ў заходніх абласцях
- § 2. Буржуазныя рэформы 60-70-х гадоў і контррэформы 80-90-х гадоў Неабходнасць рэфармавання дзяржаўна-палітычнага ладу Расіі.
- Беларусь у гады першай сусветнай вайны
- «Учреждения» о губерниях
- § 3. Фарміраванне палітычных партый. Нацыянальнае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі
- 3. Пачатак Другой сусветнай вайны і падзеі ў Беларусі