§ 1. Гістарычныя ўмовы Люблінскай уніі
У сярэдзіне XVI ст. склаліся ўмовы, якія садзейнічалі ператварэнню уніі паміж ВКЛ і Польшчай з дынастычнай і персанальнай у рэальную:
• Жыгімонт Аўгуст, кароль польскі і вялікія князь літоўскі, не меў нашчадкаў і палякі баяліся, што спыніцца асабістая унія, якая злучала дзве краіны;
• у ВКЛ існаваў пласт дробнай шляхты, які падтрымліваў унію;
• дзяржаўны і палітычны лад Польшчы і ВКЛ зблізіліся;
• склаліся спрыяльныя знешнія ўмовы.
У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам. ВКЛ было ўцягнута ў гэтую вайну. Вайна выцягнула са скарбу ўсе сродкі, патрабаваўся саюзнік. Позірк быў кінуты на захад, таму што княства мела значны вопыт сужыцця з Польшчай.Чарговая спроба заключыць унію прызначалася на сейм у Любліне, які пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся амаль 6 месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча княства, польскія феадалы дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. На працягу сакавіка - чэрвеня 1569 г. гэтыя землі былі ўключаны ў склад Польшчы, што аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку Вялікага княства. Яго тэрыторыя звузілася ў асноўным да літоўскіх і беларускіх зямель. Прычым на значнай частцы апошніх гаспадарыла маскоўскае войска. У такіх умовах прадстаўнікі ВКЛ вымушаны былі зноў сесці за стол перамоў.
1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт Люблінскай уніі. Згодна з ёй, ВКЛ і Польшча злучаліся ў адзін дзяржаўны арганізм - Рэч Паспалітую на чале з адным выбарным гаспадаром. Абранне павінна было адбывацца ў Варшаве, а каранацыя—у Кракаве. Абранне вялікага князя літоўскага спынялася, хаця тытул “вялікі князь літоўскі і рускі” і назва “Вялікае княства Літоўскае” захоўваліся. Спадчыннае права на княства перадавалася Польшчы. Асобныя сеймы для ВКЛ і Польшчы скасоўваліся. Агульныя сеймы павінны былі склікацца толькі ў Польшчы. Пастановы, супрацьлеглыя уніі, скасоўваліся, ліквідавалася мытня паміж краінамі. Унія абвясціла ўвядзенне адзінай манеты, дазвол усім жыхарам дзяржавы набываць маёнткі, зямлю ў любой частцы Рэчы Паспалітай. Павінна была стаць агульнай знешняя палітыка. Такім чынам, вынікам Люблінскай уніі была інкарпарацыя княства ў Польскае каралеўства.